«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха І Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм. узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр. прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
У.Я.Калаткоў.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)